BY
па-беларуску
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

У часы, калі ўсе жывыя парасткі закатаныя пад асфальт, пад ім, у грунце, застаюцца карані, што немагчыма вырваць. Пра якія ўжо, у тым ліку і дзякуючы гэтаму праекту, не забудзеш.
Застаецца шэпт, які не перакрычыш, таму што ён амаль нячутны.

Новы спектакль тэатральнай трупы «Купалаўцы» «Шэпт» паводле аднайменнай кнігі Сяргея Лескеця пра беларускіх шаптух і знахарак з аншлагам прайшоў у Польшчы ды Літве і лёгка можа быць паказаны на любой - вялікай ці малой - сцэне.


«Шэпт» у рэжысуры Рамана Падалякі не патрабуе багатых дэкарацый, рэквізіт яго, здаецца, можа змясціцца ў валізцы, а акторы - у легкавушцы. Усё нават яшчэ ямчэй: квінтэсэнцыя спектакля - голас, але які! Моцны і ціхі, гладкі і шорсткі, малітоўны і бадзёры. Здаецца, усе сорак з нечым хвілін пастаноўкі можна слухаць з заплюшчанымі вачыма. Па сутнасці сваёй гэта спектакль-замова. Аўдыяшэраг яго складаецца з шэпту, разваг, песні ды спавядальнай гутаркі.
 

І гэта выглядае парадаксальна, бо ўсе гэтыя ўвасабленні і пераўвасабленні праекта «Шэпт» - кніга, выстава, спектакль - нарадзіліся з серыі фотапартрэтаў.
Іх аўтару - фатографу Сяргею Лескецю – на пачатку этнаграфічных экспедыцый былі цікавыя не столькі самі замовы, колькі вобразы старых бабулек, прадстаўніц закрытай традыцыі лекавання словам. Фатограф тлумачыў, што размовы з імі вяліся між іншым і самамэтай не былі. Запісваў ён іх таму, што разумеў іх вартасць і ўнікальнасць.
 

Працуючы амаль дзесяць гадоў над тэмай, Лескець перыядычна вёў дзённікавыя запісы, а пасля пачаў пісаць невялікія тэксты да кожнага партрэта. Паступова гэтыя апісанні перараслі ў падарожную і этнаграфічную кнігу.
Наступны этап - у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску была зладжана аднайменная мультымедыйная выстава са здымкаў, відэа і аб'ектаў. Некаторыя з іх з'явяцца пасля ў спектаклі купалаўцаў.

Рэжысёр Раман Падаляка спачатку зрабіў па кнізе «Шэпт» невялікі сцэнічны эскіз. А неўзабаве і спектакль. Ён расказваў, што такая з'ява, як шэпт, яго цікавіла і раней. Пяць гадоў таму ён хацеў зрабіць праект пад такой жа назвай, дзе б увесь спектакль акцёры прамаўлялі тэкст шэптам, а ў нейкі ключавы момант - голасам. Убачыўшы кнігу, зразумеў, што Сяргей Ляскець яго апярэдзіў, - згадваў рэжысёр на абмеркаванні «Шэпту» ў Варшаве.
 


Праект «Шэпт» быў падхоплены рознымі людзьмі ў цёмныя часы, безумоўна, не проста так. Яго паспяховасць Сяргей Лескець тлумачыў тым, што знахарства — гэта пэўная частка душы беларуса, як штосьці таямнічае і містычнае, чутнае, але невядомае. Гэтаксама, як і шэпт, нешта прамаўляецца, але што — не заўсёды чутно.
 


«Дзіўна, - гаворыць у спектаклі герой-апавядальнік пасля візіту да адной са знахарак, - адныя сцвярджаюць, што замова - гэта ў першую чаргу рытуал, а ўжо пасля слова. Іншыя адносяць словы замоў да фальклору, першамагіі. Наша знахарства, яно такое невідовішчнае, ціхае, таямнічае, схаванае ад усіх вачэй».
 

Падчас спектаклю Рамана Падялякі пануе выразнае ўражанне, што Святлана Анікей, выканальніца роляў усіх пяці бабулек, звяртаецца да кожнага гледача асабіста - як да сведкі закрытага рытуалу.
Яе голас, такі багаты паводле тэмбру, рытму і асаблівасцей мовы, галоўны геній гэтага паказу. Адзін чалавек іграе пяць розных постацей, нібы першабытны дух роду прамаўляе праз яе рознымі галасамі. У тым ёсць моцная сімволіка - дух апошніх людзей прасторы міфа. Бо ніводнай бабулькі з праекта Сяргея Лескеця ўжо няма сярод жывых…
 

Ролю фатографа-падарожніка, збіральніка старажытных замоў выканаў Алесь Малчанаў. У спектаклі ён слухач, якому бабулькі расказваюць свае сакрэты і часткова сваё жыццё. Гэтаксама інтэрпрэтатар. Едучы цягніком пасля сустрэчы з чарговай бабулькай, фатограф раптам разумее: гэты чарадзейны свет не зловіш ніякім тлумачэннем. Чарадзейства выслізгвае, як вада скрозь пальцы. «Некалькі разоў перачытаў фразу, каб пераканацца, ці ўсё правільна зразумеў: «Я твае богі знаю». Адно, калі ты чытаеш са старонак кніжкі, зусім іншае, калі размаўляеш з жывым чалавекам. Куды гэта ўсё знікне, калі адыдуць апошнія вяскоўцы? Няўжо гэта прырода проста возьме сваё, і усё на гэтым?» - прамаўляе герой Малчанава.

Сцэнаграфія гэтага мінімалістычнага спектакля ствараецца проста на нашых вачах - і ёсць вынікам старажытнай замовы ды фантазіі сцэнографкі Дар'і Баркун.
Першая гераіня спектакля, якую ўвасабляе Святлана Анікей, Макарыха, была і першай знахаркай, з якой пазнаёміўся апавядальнік. Яна лечыць спуд у дзяцей ніткамі: «Бяру льняную нітку і чытаю пацеры, сколькі ў мяне выходзіць". Яна гэту нітку і працягвае праз усю сцэну. Гэты рэзкаваты малюнак чырвонага колеру будзе трымаць у напружанні ўсю дзею, працуючы адначасова як знак паслання і як ахоўная зона. Нітка, працягнутая бабкай Макарыхай, зачэпіцца за старыя вясковыя нажніцы і пройдзе праз закальцаванае дрэва. Усе сімвалы - нітка жыцця, нажніцы, кола – чытэльныя, аднолькава былі зразумелыя і старым палешукам, і людзям міжземнаморскай антычнасці.

Наступная гераіня, бабка Ева, лечыць зёлкамі. Ёй 91 год, і мы таксама верым Святлане Анікей, у яе атрымліваецца змяняць узрост і тэмперамент.
Яшчэ адна, пані Ванда, ведае, як ачысціць чалавека вадой: на крывулю, закальцаванае дрэва, тры разы паліць вадой, а пасля ёй абмыцца.


Наступны персанаж, бабка Стася, можа ўратаваць вёску ад агню з дапамогай хлеба Святой Агаты, а дом ад маланкі, паставіўшы грамнічныя свечкі на акно.
Невідушчая бабка Зося хрысціць зорачкі, што падаюць у небе, бо гэта душы ненароджаных дзяцей. Яна нібыта зазірае ў душу свайму суразмоўцу. «Што ты чуеш?» - пытае пасля шаптання.
«Такая дзіўная цеплыня, быццам дзясяткі тоненькіх светлых струменьчыкаў пераплятаюцца і падымаюцца па маім пазваночніку, знізу ўверх. Дзіўна, такога ніколі не адчуваў...» - «Вось тое мая сіла».


Дзве постаці і галасы - пад і над лабірынтам з чырвонай ніткі. Графічна чысты і гранічна ясны малюнак. Глыбіні дзеі дадае відэашэраг - гэта розныя містычныя прадметы і краявіды, што здымаліся каля Мінска. Рухомая выява, сцэны нейкай загадкавай вандроўкі падтрымліваюць нашага галоўнага героя ў яго разважаннях і дапамагаюць гледачу лепш асэнсаваць яго ўнутраны маналог.

Надзвычай важным складнікам спектакля з'яўляецца музычнае суправаджэнне і развітальная песня без слоў у выкананні трэцяга актора ды аўтара музыкі да спектакля - Дзмітрыя Лук’янчыка. Мелодыя спеву нарадзілася ў яго, калі ён глядзеў на партрэты бабуль, зробленыя фатографам Сяргеем Лескецям, што нібы выплывалі з памяці дзяцінства ці роду.

Вясковыя замовы - з'ява, што знікае літаральна на нашых вачах. У апошні момант, спачатку з дапамогай фатаграфіі, пасля – слова ды тэатральнай дзеі, гэтыя вобразы не проста вырвалі з небыцця, а зрабілі іх нашымі і сучаснымі, тым, што сваёй цэльнасцю і сілай можа даць нам магічную падтрымку.

На абмеркаванні спектакля ледзь не кожны глядач, які задаваў пытанне купалаўцам, згадваў знаёмых бабулек-шаптух. І станавілася зразумела, што гэта тое наша агульнае, і яго немагчыма адабраць. У часы, калі ўсе жывыя парасткі закатаныя пад асфальт, пад ім, у грунце, застаюцца карані, што немагчыма вырваць. Пра якія ўжо, у тым ліку і дзякуючы гэтаму праекту, не забудзеш.
Застаецца шэпт, які не перакрычыш, таму што ён амаль нячутны.

Глядзець больш
Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»