BY
па-беларуску
РТБД: Праверка матэрыялу

РТБД: Праверка матэрыялу

Перафразуючы барадаты анекдот: у Мінску засталося два тэатры – у адзін ходзяць, другі ігнаруюць. Той, у які цяпер ходзяць, называецца РТБД — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Ён успрымаецца мінскімі тэатраламі, якія засталіся ў горадзе, як ледзь не адзінае месца, дзе вядзецца вольная і адкрытая размова з гледачамі ў зале. Тут ідуць шэдэўры Яўгена Карняга «Шлюб з ветрам» і «Пачупкі», ставяцца найноўшыя рэчы актуальных беларускіх драматургаў і адбываюцца тэатральныя эксперыменты. Прычым сапраўдныя, а не дэкаратыўныя, рэкламныя, для прыцягнення публікі.

   Такім вялікім – і ўдалым – эксперыментам РТБД можна
   лічыць яго асобны праект – Цэнтр беларускай   
   драматургіі. Для гледача ЦБД вядомы перш за ўсё
   чыткамі п'ес айчынных аўтараў. У афішы тэатра чыткі   
   з'яўляюцца амаль кожны месяц і, як правіла,
   незаўважанымі не застаюцца. Квіткі на іх каштуюць     
   танней, чым на звычайныя спектаклі, а цікавасць выклікаюць нават большую: адрозненне чыткі ад рэпертуарнай пастаноўкі яшчэ і ва ўнікальнасці самой падзеі. Адбываецца чытка толькі адзін раз, і другога шанцу ўбачыць яе звычайна не выпадае.


Што ж такое чытка?
Фактычна гэта чытанне п'есы па ролях. Акцёры бяруць аркушыкі з рэплікамі сваіх персанажаў і, як правіла, размяшчаюцца на звычайных крэслах уздоўж усёй сцэны ды агучваюць тэкст п'есы, уключаючы рэмаркі драматурга.
Вонкава ўсё выглядае звычайна вельмі проста, па-спартанску, але набыло ў апошняе дзесяцігоддзе вялікую папулярнасць – прычым як сярод саміх тэатраў, так і аўдыторыі. Першапачаткова чыткі нагадвалі адкрытыя для публікі рэпетыцыі. Іх асабліва палюбілі на фестывалях драматургіі: новыя п'есы куды прасцей для пачатку агучыць па ролях, чым ствараць дэкарацыі, шыць касцюмы і вылучаць час на завучванне тэксту.
Чытаюць са сцэны, як правіла, нешта новае, часцей за ўсё эксперыментальнае. Каб трапіць у рэпертуар, п'есу такім чынам абкатваюць на калегах і фестывальнай публіцы: ад іх агульнай рэакцыі часцей за ўсё і залежыць далейшы лёс тэксту – ці з'явіцца пасля новы спектакль або ўсё абмяжуецца адным-адзіным вечарам.

З абавязковага пункту праграмы тэатральных фестываляў чыткі п'ес сучасных драматургаў вельмі хутка перавандравалі на звыклыя сцэны. Ва ўсякім разе, для РТБД і яго Цэнтра беларускай драматургіі чыткі сталі важным дадаткам да рэпертуару.

Чыткі як спектаклі
Зразумела, выглядае чытка не так, як звычайны рэпертуарны спектакль. Але гэта зусім не азначае, што да яе не рыхтуюцца або што ў падрыхтоўцы не ўдзельнічае рэжысёр. Асноўнае адрозненне чыткі ад спектакля – уяўленне аўдыторыі задзейнічана куды больш актыўна. Зрэшты, інтэрпрэтацыя персанажаў і драматургічнага канфлікту ўсё роўна патрабуе рэжысёрскага падыходу і актыўнага саўдзелу акцёраў. Менавіта тэатр раскрывае тэкст драматурга для гледача. І тут РТБД ёсць чым ганарыцца.

Свежае пакаленне беларускіх аўтараў, якое, з падачы замежных крытыкаў і тэатралаў, называюць Новай хваляй беларускай драматургіі, прадстаўлена для айчыннай публікі менавіта ў РТБД. П'есы Дзмітрыя Багаслаўскага, Максіма Дасько, Андрэя Іванова, Паўла Пражко, Канстанціна Сцешыка ды іншых стаяць у рэпертуары ў рускамоўных і нерускамоўных тэатрах свету, пракатваюцца ў антрэпрызах. У Беларусі, не самай тэатральнай краіне, яны, на жаль, запатрабаваныя куды менш. І чыткі на галоўнай сцэне РТБД даюць магчымасць актуальным беларускім п'есам сустрэцца з гледачамі на радзіме.

Праекты Цэнтра беларускай драматургіі ў афішы РТБД з'яўляюцца з зайздроснай рэгулярнасцю, што не можа не радаваць. Прычым, у адрозненне ад большасці чытак у класічным мінімалісцкім выглядзе, чыткі ЦБД бліжэйшыя да паўнавартасных спектакляў. У іх ёсць рэквізіт, элементарныя дэкарацыі, акцёры апранутыя ў адпаведныя касцюмы, выкарыстоўваюцца музыка і святло. Хоць акцёры і чытаюць свае ролі з аркуша, часта ўжываюць звычайны стацыянарны мікрафон, іх праца імкнецца да паўнавартаснай ігры, а ў мізансцэнах бачная рука пастаноўшчыка. Імя рэжысёра, зрэшты, у афішы з'яўляецца не заўсёды, што не замінае адзначыць пэўнага захавання стылю і канцэпцыі ўсяго тэатра ў цэлым.
Тэатралізаваныя чыткі ў РТБД куды карацейшыя, чым рэпертуарныя спектаклі, звычайна ў іх задзейнічаны два-чатыры артысты. Аднак пастаянная публіка РТБД відавочна знойдзе ў іх шмат агульнага з іншымі пастаноўкамі. Чыткі становяцца квінтэсэнцыяй камернага стылю ўсяго тэатра, яго псіхалагізму адмысловага кшталту, дзе ў сілу канструкцыі сцэны і глядзельнай залы ігра акцёраў адбываецца ў літаральным сэнсе на адлегласці выцягнутай рукі ад гледача.

Чытаем ды апладзіруем
Хоць праект існуе ўжо некалькі гадоў, больш за ўсё на сцэне РТБД апошнім часам пашанцавала п'есам Канстанціна Сцешыка. «Сябар мой» і «Галава» былі паказаныя ў студзені і лютым 2023-га адпаведна.
 

Канстанцін Сцешык

Абсурдысцкая, у нейкім сэнсе псіхадэлічная драматургія мінскага аўтара ёсць і ў асноўным раскладзе РТБД. Тут ідзе спектакль «Камень дурасці», экзістэнцыяльная камедыя з рэдкай для беларускага тэатра адсутнасцю пафасу.
«Сябар мой» і «Галава» пакуль не ператварыліся ў паўнавартасныя спектаклі. Гэта злепкі з фрагментаў рэальнасці, якія можна цалкам прыняць спачатку за практыкаванні ў жанры «вербацім», адным з самых распаўсюджаных у постсавецкім інтэлектуальным тэатры. Гэты жанр мае на ўвазе дакументальны запіс прамовы героя і перанос яе потым на тэатральную сцэну. Шмат у чым стыль п'ес Канстанціна Сцешыка нагадвае манеру вербаціма, але ідзе куды далей за просты натуралізм і звычайнаму жанраваму вызначэнню не паддаецца. На спектаклях па п'есах Сцешыка гледачы часта смяюцца. Але з першага разу вызначыць не так і лёгка, гэта праз няёмкасць ад таго, што адбываецца з героямі, або ў якасці абарончай рэакцыі пры пазнаванні саміх сябе.
 

«СЯБРА МОЙ». Чытанне п'есы Канстанціна Сцешыка

«Сябар мой», прачытаны, дарэчы, па-руску, на мове арыгіналу п'есы, распавядае пра начны трып па цыгарэты двух ужо немаладых прыяцеляў. Па ходзе дзеяння яны, натуральна, трапляюць у максімальна недарэчную гісторыю, якая толькі і можа здарыцца позняй ноччу ў вялікім горадзе.
За цалкам сабе бытавымі калізіямі ў сцэнічным творы «Сябар мой» бачная гісторыя аб праславутай лёгкасці / цяжары быцця. Дакладней, аб дарэмных спробах гэты цяжар не заўважаць, старацца не рэфлексаваць, не ўдзельнічаць, не паглыбляцца. Па форме гэтая п'еса – маналог. Яго чытае выканаўца галоўнай ролі Канстанцін Воранаў, да якога далучаюцца ў патрэбных месцах іншыя акцёры.
 

Канстанцін Воранаў

Адсутнасць рэжысёра не ператварыла гэтую чытку ў радыёспектакль, візуальна тут перадаецца не менш, чым дае голас акцёраў. У нейкай ступені раздрукоўкі тэксту ў руках выканаўцаў задавалі пастаноўцы асаблівы тон. Пэўная адлегласць ад таго, што адбываецца на сцэне, запускала ўяўленне гледача і рабіла яго таксама адной з дзейных асоб.

Ступень абсурду і спецыфічны гумар, які вылучаюць драматургію Канстанціна Сцешыка, яшчэ мацней праявіліся ў чытцы яго наступнай п'есы «Галава». Менавіта гэтая, найважнейшая частка цела з'яўляецца ў кватэры галоўнага героя, тэкст якога чытаў акцёр Максім Брагінец.


Сюжэт пра аўтаномна існую галаву як асноўны носьбіт чалавечай свядомасці пастаянна прысутнічае ў культуры. У п'есе Сцешыка гэты момант не раз ставіцца пад пытанне, як, у прынцыпе, і сама разумнасць чалавека ў сучасным грамадстве. Гэтая добра вядомая, блізкая нам прастора з коснаязыкімі, злёгку разгубленымі homo sapiens заўсёды выглядае ў Канстанціна Сцешыка як прастора незразумелага эксперыменту нейкіх больш дасканалых, нябачных персанажамі яго п'ес і гледачамі істот.
 

Алёна Зміцер

Менавіта такое адчуванне ўзнікла і ад інтэрпрэтацыі «Галавы» рэжысёркай Алёнай Зміцер. Яна была пазначаная ў афішы – гэтая чытка без пастаноўшчыка ўжо не абышлася. Сама Алёна Зміцер прыйшла ў рэжысуру менавіта з акцёрскай прафесіі і працягвае выходзіць на сцэну. «Галава» ў яе варыянце якраз цудоўная акцёрская пастаноўка. Рэжысёрка выдатна раскладвае п'есу на траіх акцёраў тэатра. І тут акурат праяўляецца яшчэ адзін складнік поспеху чытак у РТБД — выбітны, несумненна найлепшы цяпер у Беларусі акцёрскі склад. Максім Брагінец, Дзмітрый Давідовіч і Дзяніс Аўхарэнка ў «Галаве», Канстанцін Воранаў, Уладзіслаў Віленчыц, Вераніка Буслаева, Галіна Чарнабаева, Максім Брагінец у «Сябар мой» – бліскучыя працы ў чытках п'ес Канстанціна Сцешыка цалкам параўнальныя з ролямі ў пастаянным рэпертуары.


Яшчэ адна рэжысёрская пастаноўка Алёны Зміцер у рамках праектаў Цэнтра беларускай драматургіі – нядаўняя чытка п'есы Аляксея Макейчыка «Блытаніна».
 

Аляксей Макейчык


Тут спадарыня Зміцер ужо сама з'яўляецца на сцэне ў ролі псіхолага, у якой разгортваюцца дзіўныя адносіны з адным з кліентаў. Ролю апошняга чытае Дзяніс Аўхарэнка.


Стасункі паміж мужчынам і жанчынай, як правіла, гэта і драма, і камедыя адначасова, і тэкст Аляксея Макейчыка вельмі добра тое дэманструе. Алёна Зміцер і яе партнёр па «Блытаніне» крыху больш чым за гадзіну сцэнічнага часу праходзяць ці не ўсю паслядоўнасць пачуццяў пры зараджэнні рамантычных адносін. Калейдаскоп эмоцый тут як у паўнавартасным спектаклі, і аркушы з раздрукоўкамі ў руках акцёраў зусім не заўважаеш.
Мяккая сатыра на сучасныя тыпажы, «Блытаніна» – выдатны прыклад сучаснай актуальнай пастаноўкі, разлічанай на гарадскога інтэлектуала.

Менавіта такога гледача збірае цяпер РТБД у Мінску. Ледзь не пасля кожнага спектакля тут акцёры і аўдыторыя доўга апладзіруюць адно аднаму. Прычым, хто каму мацней, яшчэ трэба падумаць.

АНЛАЙН-РЭПЕРТУАР РТБДом: чэрвень-лiпень 2023

Глядзець больш
Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр
Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»