Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Арт-кантэкст 2023. Лепшае. Тэатр

Спектакль «Карней. Гісторыя аднаго дома» ў мінскім РТБД

Цяперака стала канчаткова зразумела: Уладзімір Караткевіч – наша ўсё. Ніводная постаць у беларускай літаратуры, ды і мастацтве наогул, не выклікае такой зацікаўленасці чытачоў ды творцаў. Караткевіча цытуюць, Караткевіча ставяць на опернай сцэне ў Мінску ды Лондане адразу ў дзвюх версіях, Караткевіча выключаюць са школьнай праграмы... Нарэшце, ператвараюць у спектакль у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Як аказалася, нездарма.

Па хуткасці раскупленых квіткоў ды імпэту аўдыторыі «Карней. Гісторыя аднаго дома» за рэжысурай Алены Зміцер, бадай што, можа прэтэндаваць на ганаровае званне «пастаноўкі 2023 года» ў беларускім тэатры. Прынамсі, тым тэатры, што дзейнічае ў межах РБ. Балазе, большасці гледачоў кароткая, на дзясятак старонак, прыпавесць Уладзіміра Караткевіча «Карней – мышыная смерць» была раней невядомая.

На фоне буйных твораў Караткевіча «Карней» можа з першага погляду паказацца невялічкім, нават прахадным тэкстам. Але, як аказалася, пісьменніку ўдалося змясціць у няпоўныя дваццаць тысяч сімвалаў нашмат больш, чым іншым яго калегам у гіганцкія фаліянты.
Прыпавесць убачыла свет у 1961 годзе, малады творца скарыстаўся ў ёй архетыповым еўрапейскім сюжэтам пра Пацукалова, паляўнічага на грызуноў, які ў выніку сыходзіць з сярэднявечнага горада Гамельна разам з дзецьмі яго сквапных бюргераў. Падзеі «Карнея» разгортваюцца ў Беларусі і заспяваюць ваенныя часы.  Караткевіч паказвае відавочна казачны сюжэт вачыма дзіцяці, аднак упісвае той у кантэкст нядаўняй нацысцкай акупацыі, у тое, што абазначаецца цяперака шматзначнай фразай «генацыд беларускага народа». Але прыпавесць у яго застаецца прыпавесцю.

Відаць, гэтую ўмоўнасць тэксту «Карнея» і магчымасць для інтэрпрэтацый адчулі і ў мінскім РТБД. Караткевіча перанеслі на сцэну, з кароткага апавядання атрымаўся вялікі шматфігурны спектакль на дзве з паловай гадзіны – сам Караткевічаў твор чытаецца ўсяго за некалькі хвілін. Аўтары інсцэніроўкі Мікалай Музычэнка і рэжысёрка Алена Зміцер з кароткага тэксту зрабілі ці не эпапею. «Карней. Гісторыя аднаго дома» не звычайны перанос празаічнага тэксту на тэатральную сцэну, а паўнавартасная спроба выказацца на актуальную тэму з дапамогай літаратурнай класікі.

У версіі Уладзіміра Караткевіча інфернальны лавец грызуноў Карней выяўляецца ў выглядзе вясковага дзівака, сябра дзяцей ды ахвяры абставінаў. У варыянце адзінага выканаўцы ролі Дзяніса Аўхарэнкі пацукалоў Карней бліжэйшы да Сталкера Аляксандра Кайданоўскага з фільма Андрэя Таркоўскага – незвычайнага, знешне няўпэўненага ў сабе чалавека, які, тым не менш, валодае вялізнай унутранай сілай. Карней займаецца незвычайнай ды рэдкай для вяскоўца справай – пазбаўляе хаты ад грызуноў зёлкамі ды загаворамі. Яго трымаюць за мясцовага дурачка, балазе ён сам не ўпісваецца ў вясковае грамадства, трымаецца паасобку, дзіўна размаўляе, рухаецца, выглядае. Камунікуюць з ім на роўных толькі дзеці. Ды і сам Карней – сапраўдны вялікі дзіцёнак, глядзіць на свет шырока расплюшчанымі, здзіўленымі вачыма. Дзівак, што, як высвятляецца, бачыць нашмат больш за іншых.

Менавіта такімі, дзіцячымі вачыма мы разглядаем падзеі спектакля – вясковае даваеннае  жыццё, якое раптам перарываецца жахамі акупацыі. Трэба адзначыць, «Карней» цяперака ці не самае незвычайнае ўвасабленне ваенных падзей у беларускім тэатры. Стыль буфанады, які абрала для «Карнея» Алена Зміцер, найбольш яскрава выглядае менавіта падчас другой, ваеннай часткі.

Вобраз акупацыі ўвасоблены тут у незвычайную, шматсастаўную пачвару – жудаснага вусеня з жывых істот, якая паволі, пад агіду ды смех глядзельнай залы, перасоўваецца па сцэне, нагадваючы ўвасабленне вобразу з культавага трэш-хорара «Мнаганожка з чалавекаў».

Візуальныя вобразы спектакля створаны мастачкай Марынай Алекна. Канцэптуальны характар пастаноўкі падкрэслены дэкарацыямі. Невялікая па памерах сцэна мінскага РТБД ператворана ў складаную прастору з некалькіх ярусаў. Дзея разгортваецца на двух узроўнях. Унізе гэтай батлейкі – людзі, на гарышчы – мышы ды пацукі. Прычым грызуны тут таксама дзейныя асобы. Мо нават больш важныя за людзей. Зрэшты, згодна з канцэпцыяй інсцэніроўкі, любы пацук лепшы за карніка ды акупанта.

Што тычыцца канцэпцыі, «Карней» выказвае, як казала ў адным са сваіх інтэрв'ю Алена Зміцер, «свядомае і несвядомае». Спектакль, як і літаратурную першакрыніцу, вельмі складана аднесці да ўзораў рэалістычнага мастацтва. «Карней» шмат у чым менавіта нявыказанае, тое, дзеля чаго акцёры і выкладваюцца напоўніцу дзве з паловай гадзіны без антракту.

Фармальна твор Караткевіча можна залічыць да ваеннай прозы. Апошняя тэма ў сучасным тэатры ў Беларусі цяперака, як вядома, абавязкова-прымусовая. Аднак форма прыпавесці дазваляе быць гнуткім. І «Карней» у РТБД успрымаецца куды больш чым проста чарговым ваенным спектаклем. Зрэшты, рэакцыя гледачоў, якія цярпліва ды ўважліва сочаць за складанай дзеяй цэлы вечар без перапынку, паказальная. Як тое бывае амаль на ўсіх пастаноўках РТБД у апошні час, глядач ды акцёры абменьваюцца эмоцыямі, транслююць са сцэны ў залу ды наадварот сваё нявыказанае ды затоенае.

І герой Дзяніса Аўхарэнкі, і цудоўны склад астатніх акцёраў перадаюць нават не лёс простага беларуса, а лёс самой Беларусі – гаротнай, заклапочанай побытам у рэдкія спакойныя часы, у больш частыя цяжкія часы здзекаў ды катаванняў – ціха выючай ад жаху. «Карнея» можна лічыць вельмі добрым увасабленнем на сцэне беларускага характару – гаспадарлівага, але збольшага абмежаванага сваімі асабістымі маленькімі клопатамі. Вялікі свет урываецца ў дзею «Карнея» як стыхія – вайной, катастрофай.

Алена Зміцер

Алена Зміцер паставіла ў РТБД да «Карнея» некалькі спектакляў ды акцёрскіх чытак. Але гэта былі пераважна куды больш сціплыя па маштабах пастаноўкі. «Карней» – складаная схема нават для больш вопытнага рэжысёра і цяжкае эмацыянальна-фізічнае выпрабаванне для выканаўцаў. Трэба дадаць, і для гледачоў таксама. Акцёрскі склад «Карнея», сярод якога  трэба вылучыць важнейшых персанажаў Ганны Семяняка, Дзмітрыя Давідовіча ды Арцёма Курэня, іграе з неверагодным імпэтам. Рэжысёрка прапанавала вельмі няпросты, энергетычна насычаны малюнак ігры. Акцёры тут выразна падкрэсліваюць сваю фізічную падрыхтоўку. У іх персанажаў няма ніводнай статычнай позы або секунды. Здаецца, Алена Зміцер выклала ў «Карнеі» ці не гімнастыку Меерхольда цалкам. Спектакль максімальна рухомы і па фігурах на сцэне, і па разгортванні дзеі, і па тых асацыяцыях, што ўзнікаюць у гледача.

Персанажы тут намагаюцца выказаць тое, што словамі выказаць немагчыма. Адзін з яркіх момантаў – допыт жыхароў вёскі карнікамі. Пашыхтаваныя ў шэраг, перад тварам сапраўднага жаху, акцёры РТБД не імітуюць, успамінаюць свае асабістыя эмоцыі – мы больш не будзем, не будзем, не будзем... І глядач адчувае гэтае «не будзем» быццам не вушамі, а падкоркай, як сваё асабістае. Вылез аднекуль жах, пракляты атавізм, ці не спрадвечнае – стаяць ды дрыжаць перад катамі, акупантамі, нелюдзямі, чарговымі часовымі гаспадарамі...

«Карней» дэманструе спрадвечную беларускую бездапаможнасць, адмову ад пачуцця асабістай годнасці ды суб'ектнасці. І, адначасова, рэцэпт ад гэтых тыпова нацыянальных хваробаў. Адпомсціць акупантам атрымліваецца толькі ў божага чалавека Карнея. Адпомсціць лепей, чым нават казачнаму пацукалову са старажытнага Гамельна. Слабасць ды аніякавасць Карнея нечакана абарочваецца сілай, нерашучасць – сталёвай воляй, неўладкаванасць – дакладнай задумай ды яе выкананнем.

У гледача спектакль выклікае супярэчлівыя эмоцыі. Яго структура падаецца неўладкаванай, дзея – ці не хаатычнай. На фоне папярэдніх пастановак Алены Зміцер па творах сучаснай драматургіі «Карней» здзіўляе ірацыянальным падыходам да пабудовы відовішча. Часам дзея падаецца нерухомай ды забуксавалай. Часам пачынае разгортвацца з неверагоднай хуткасцю. Рэжысёрка відавочна не імкнецца зрабіць прагляд камфортным для гледача, як намагаюцца зараз нават у некамерцыйных акадэмічных тэатрах. Складаныя эмоцыі тут ідуць праз бераг.

Трэба сказаць, «Карней – мышыная смерць» не адзіны твор Караткевіча, на якім заснаваны спектакль. Значны крок Алены Зміцер як творцы ў тым, што яе новая пастаноўка яшчэ і максімальна канцэптуальная для беларускага тэатра, які ўвесь час чамусьці спрабуе быць «бліжэй да гледача», чым на тое разлічвае сам глядач. Праўда, «Карней» менш за ўсё падобны на інтэлектуальны рэбус. Яго кірунак абсалютна зразумелы – стваральнікі прапануюць максімальна прасякнуцца спрадвечна нацыянальнай бядой. «Карней» – гранічна напружаны, насычаны вобразамі спектакль. У яго тканіну арганічна ўведзены фрагменты іншых твораў ды эсэ Уладзіміра Караткевіча. Нават дзея пачынаецца раней, чым глядач падымаецца ў залу: перад пачаткам у фае гучыць аўдыяпраект «Насіць сэрца дома з сабой».

Вобраз дома, сялянскай хаты нездарма скразны для спектакля Алены Зміцер і вынесены ў яго назву. Галоўны герой твора Караткевіча ўсё жыццё імкнуўся да свайго ўласнага дома. І калі нарэшце амаль яго атрымаў, быў вымушаны сам яго знішчыць.

«Карней», і літаратурны, і тэатральны, толькі выкарыстоўвае вядомую гісторыю пра пацукалова, але насамрэч дэманструе драму менавіта беларускай нацыі. Як апошняе атрымалася ў Алены Зміцер і яе трупы, вырашаць гледачу. Прынамсі, спектакль з лета ідзе з аншлагам, хоць быў адразу прадстаўлены ўсім ахвотным праз інтэрнэт-трансляцыю. Што тычыцца Караткевіча, то для сучаснага беларускага тэатра ён тая самая апора, на якой трымаецца нацыянальнае мастацтва. Яго вобразная, жывая мова і сюжэты сталі ў апошні час яшчэ больш цікавымі ды актуальнымі. Нават завяршаецца тэатральны «Карней» голасам самога пісьменніка – аўдыяцытатай са знакамітага юбілейнага відэазапісу 28 лістапада 1980 года «Сябры мае і сяброўкі!..».

І гэта засяроджанасць менавіта на асобе пісьменніка тут невыпадковая. Сучасны беларускі тэатр у Беларусі – мастацтва выказвацца не словамі, а вобразамі, намёкамі, асацыяцыямі. Тое, што цяпер даводзіцца рабіць тым, хто не хоча ісці па шляху канфармізму. Прадставіць на беларускай сцэне ва ўмовах татальнага страху і разгубленасці нешта ўцямнае могуць толькі людзі моцныя духоўна ды інтэлектуальна. Якраз такія, якім быў Уладзімір Караткевіч.

Фота rtbd.by

АНЛАЙН-РЭПЕРТУАР РТБДом
 

АФІША ТЭАТРА
 

Глядзець больш
Жаночы марш Яўгена Карняга
Жаночы марш Яўгена Карняга

«Забалоцце» ― фінальны спектакль трылогіі «жыцця і смерці» ў РТБД

«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»
«Шэпт»: «Вось тое мая сіла»

Чырвоная нітка магічнага колеру ў новым спектаклі купалаўцаў

«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа
«Эма» Мікіты Ільінчыка: Каму вайна, каму польская мяжа

Бізнэс, уцекачы ды пошукі жаночага шчасця ў спектаклі беларускага рэжысёра

Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка
Дзіяна Флеер. Такая разумная дзяўчынка

Пра тое, як верыць у сябе і ўмець знаходзіць новыя магчымасці ў эміграцыі

Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве
Міжнародны дзень тэатра адзначылі ў Варшаве

У гонар свята ў сталіцы Польшчы выступілі акцёры Купалаўскага тэатра

Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»
Як у космасе. Зоя Белахвосцік: «Быццам расплюшчылі вочы»

Мы ўсё роўна верым у лепшае, не апускаем рукі. Мы ведаем, што мы патрэбныя. 

У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў
У Фінляндыі пра Беларусь і беларусаў

Рэжысёр Уладзімір Ушакоў: «Не хачу падлічваць, што страціў. За апошнія тры гады здабыткаў было больш»

Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава
Усё нанова. Беларускі тэатр у эміграцыі. Актрыса Наталля Лявонава

«Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»