BY
па-беларуску
Вольга Шніп: “Ты партал, праз які праходзіць музыка…”

Вольга Шніп: “Ты партал, праз які праходзіць музыка…”

Olia Shnip Band – беларускі гурт, які нядаўна гучным канцэртам з Вольным Аркестрам заявіў пра сябе ў Варшаве. Праект стаў вынікам музычнай рэзідэнцыі Дома Творцаў, у якім паўдзельнічала каля 20 таленавітых артыстаў.
Hip-hop, pop, балад, rock, jazz, folk, gospel, клаcіка, мюзікл, опера, grunge, funk – сімбіёз самых розных жанраў і стыляў можна пачуць у рэпертуары Olia Shnip Band.
Аўтары праекту — Вольга Шніп і яе муж Антон, былы палітвязень, саўндпрадзюсер, экс-музыка гурту Irdorath.

У складзе гурта: 
Вольга Шніп – вакалістка, аўтарка музыкі і тэкстаў праекта (оперная спявачка, музыка, вакальны педагог, street-мастачка, куратарка, дызайнерка, перформерка).
Андрэй Козік – клавішнік, бэк-вакаліст (“The Bruised Trouveres”,Тэатр Оперы і Балета і інш.)
Уладзімір Міхновіч – клавішнік, саксафаніст (“Серебряная Свадьба”, аркестр Нацыянальнага цырку і інш.)
Філіп Петчанка – бас-гітарыст (“Dee Tree”, “Vuraj” і інш.)
Стас Мурашка – бубнач (“The Toobes”, “Soyuz”, “Valentin Strykalo” і інш).
Антон Шніп – саўндпрадзюсер, фатограф, відэааператар (“Irdorath”, “Serdce”, “OliA Shnip” і інш.).

Пра з’яўленне Olia Shnip Band, выкладчыцкую і мастацкую дзейнасць, а таксама жыццё Дома Творцаў мы паразмаўлялі з лідаркай калектыву Вольгай Шніп.

Дэбютны канцэрт гурта: “Адчуванне, быццам распаліў вогнішча”

– Прэзентацыя вашага гурта была сапраўды маштабнай – з удзелам цэлага аркестра. Як ты перажывала той канцэрт?
– Насамрэч, быццам нейкі сон. Як заўсёды, падчас падрыхтоўкі было вельмі шмат нерваў. Мы вельмі шмат рэпетавалі. Увесь час было страшна, каб нічога не здарылася з тэхнікай (такое часам бывае). А потым пайшла іскра… І вось – ты стаіш на сцэне, не разумееш, дзе і што з табой адбываецца. Ты ўжо быццам не ты, а партал, праз які праходзіць музыка…
А цяпер у мяне адчуванне, нібы ты распаліў вогнішча, затым яно патухла, і зараз табе трэба зноў працаваць, каб нанова перажыць тое самае. Але ты ўжо хочаш больш зрабіць, каб пакінуць не адну іскру. І тады для цябе будзе сапраўднае шчасце, калі гэта дасць вялікай колькасці людзей надзею, падорыць каханне і святло.


– Зразумела, што такому вялікаму канцэрту папярэднічалі шматлікія рэпетыцыі з музыкамі. Але ці былі дадатковыя атрыбуты падрыхтоўкі? Можа, нейкія шаманскія абрады ладзілі?
– Калі мы збіраліся дома падчас падрыхтоўкі, то гэта сапраўды магло нагадваць шаманскія мерапрыемствы. Мы дзяліліся гумарнымі гісторыямі, танчылі, увесь час прышпільваліся. Каб зусім з глузду не з'ехаць ад насычанай працы, мы і бубны даставалі, і пачыналі ўключаць шансон, і шмат з усяго гэтага смяяцца. А яшчэ мы мелі традыцыю разам збірацца і есці нешта смачнае. Мы глядзелі вельмі шмат старых музычных фільмаў пра розныя рок-гурты, фестывалі сусветнага ўзроўню. Пад піцу і віно мы натхняліся такімі рэчамі.


– Якое цяпер у цябе адчуванне пасля гэтага канцэрту?
– Ведаеш, пасля выступу да мяне падыходзілі мае музыкі і казалі: “Воля, ты зразумела, што ты наогул замуціла?” Я кажу: “Не”. А яны: “Уяві: ты сабрала аркестр, ты напісала гэтую музыку, мы расклалі яе на партыі…”
А тады проста было вельмі радаснае адчуванне, што гэта, нарэшце, здарылася.

Дом творцаў з удзелам Irdorath: “Гэта быў вельмі жывы час”

– Да вашага “выпускнога” канцэрту ты таксама ўдзельнічала ў іншай музычнай рэзідэнцыі Дома Творцаў, калі галоўнымі героямі быў гурт Irdorath.
– О, гэта таксама быў вельмі важны для нас досвед, таму што мы насамрэч вельмі чакалі тут, у Варшаве, Надзю і Вову. Можна сказаць, гэта быў першы еўрапейскі дом, які прытуліў іх пасля ад’езду з Беларусі.
Я думаю, нашыя музычныя рэзідэнцыі ўсё ж вылечваюць творчых людзей, які доўга вымушана сядзелі без музыкі. А ў Надзі і Вовы (лідары гурта Irdorath) за кратамі назапасілася вельмі шмат матэрыялу, і ў Польшчы ў іх атрымалася акунуцца ў гэтую атмасферу. Мы і танчылі, і спявалі, і займаліся вакалам, і проста ездзілі з Надзяй на возера. Увогуле гэта быў вельмі жывы час, які даў добры старт, каб зноў паверыць у свае сілы і пачаць будаваць кар'еру нанова, ужо у Германіі. Цяпер яны ў Берліне, у іх плануецца вялікі тур па ўсёй Еўропе. Так што мы вельмі радыя, што ўсё так атрымалася!


– У той рэзідэнцыі, акрамя Вовы і Надзі, удзельнічалі яшчэ і іншыя колішнія чальцы Irdorath – таксама экс-палітвязні Антон, Юля, Пятро. Ці заўважыла ты, як змяніліся хлопцы і дзяўчаты ў музычным плане пасля вызвалення?
– Ведаеш, здымкі кліпу “Зорамі”, які мы выпусцілі з Домам Творцаў, былі вельмі складанымі. Асабліва тыя кадры, дзе была імітацыя турмы. Было вельмі цяжка для іх эмацыйна, быццам яны вярталіся ў той час.
Але адносна творчасці гэтыя людзі ніяк не змяніліся: як я імі захаплялася, так і працягваю тое рабіць. Пятро, напрыклад, заняўся фальклорнымі справамі, ён грае з Lity Taler, сваю праграму зрабіў Duda Hero (можаце спампаваць), ён праводзіць розныя заняткі, яму гэта вельмі падабаецца… Што тычыцца Антона, то ён заўсёды быў вельмі шчырым чалавекам. Для яго музыка заўсёды была на першай прыступцы. І зараз ён працягвае супрацоўнічаць толькі з такімі ж шчырымі і адданымі людзьмі, як ён сам. Таму нейкіх глабальных змен я не бачу.

Пра мастацтва: “Ваш дэфект можа быць вакальнай фішкай”

– Ты яшчэ і выкладчыца па вакале. Акрамя таго каб патрапіць у ноты, чаму яшчэ для цябе важна навучыць выхаванцаў?
– Насамрэч да мяне прыходзяць людзі, якія псіхалагічна вельмі заціснутыя. Па шчырасці мы амаль усе такія. Дык вось гэтыя псіхалагічныя заціскі, нашыя блокі, якія з дзяцінства нам прывіваюць а-ля “ты там можаш тое і не можаш сёе”, – вельмі важная рэч. У першую чаргу я хачу, каб чалавек адчуў сябе вольным і зразумеў, што ён нікому нічога не павінен. Ён можа гучаць і так, і гэтак – і ў гэтым яго ўнікальнасць. Часам ваш, умоўна, “дэфект” можа быць вашай вакальнай фішкай. Чалавека з вялікай прыроднай трэмаляцыяй голасу ( моцнае вібрата, “дрыгаценне голасу”)  ў оперу не возьмуць, бо гэта лічыцца дэфармацыяй. У эстраднай музыцы - ты можаш эксперыментаваць. Але зараз мы жывём у такі час, што асаблівасць можа стаць тваёй разыначкай. Ты можаш ствараць сваю музыку, і ў ёй ты можаш падкрэсліваць свой ўнікальны эфект.
Да мяне прыходзяць дзяўчынкі ці хлопчыкі са сваёй музыкай. Яны мне яе паказваюць – і я адчуваю вялікае хваляванне і натхненне: хочацца дапамагчы ім расфарбаваць гэтую музыку, каб яны паказалі ўсё, што могуць. Бо насамрэч голас – асноўны інструмент, ён заўсёды знаходзіцца з вамі. Голасам мы можам і спяваць, і размаўляць, і выклікаць эмоцыі. Таму для мяне важна, каб чалавек адчуваў сябе асаблівым у добрым сэнсе гэтага слова.


– Да ўсяго іншага ты яшчэ і мастачка. Пра што табе зараз хочацца казаць пэндзлем?
– Апошнім часам я даўно не пісала, але раней я намалявала тры карціны. На першай –выява разбітага сэрца, якое цалуецца сваімі кавалачкамі. На другой – марская пачвара. А на трэцяй – мой бэнд.
Насамрэч мы з гуртом плануем яшчэ адзін канцэрт з аркестрам, але пакуль яго не анансуем, бо думаем, як і што зрабіць. Магчыма, атрымаецца на тэатральнай пляцоўцы. Дык вось там я хачу вельмі шмат чаго спалучыць са сваім мастацтвам. Хочацца нейкіх яркіх фарбаў. Мы шмат з кім перапісваемся, у многіх цяпер заняпад сіл і эмоцый. Таму і хочацца, каб мы адзін аднаго падтрымлівалі праз візуальнае або аўдыё мастацтва. Зараз вясна ідзе, разам з ёй зараджаецца новае жыццё і новая надзея на тое, што нашыя сумныя навіны неяк зменяцца на вясёлыя.

ПОСТСКРЫПТУМ “Сяржук, застрахуй сябе!”

– Ты вельмі шчыльна працуеш з музыкамі і мастакамі з рэзідэнцый Дому творцаў. Што ты бачыш па іх? Якое яно – нашае пакаленне, усё ж крыху пабітае беларускімі пратэстамі і рэпрэсіямі?
– Мы сапраўды вельмі хварэем. Але жадаем, каб творчыя людзі маглі аднаўляцца праз творчасць. Вядома, па-іншаму яны і не ўмеюць. Мы як Дом творцаў стараемся прасоўваць дзейнасць артыстаў, але нам таксама часам патрабуецца падтрымка.


Хутка ў нас будзе рэзідэнцыя, у якой будзе вельмі шмат людзей з Беларусі. І мы вельмі спадзяемся правесці гэты час, як мы заўсёды робім, з карысцю і ў сяброўскай атмасферы. Тое асабліва важна для людзей, хто прыехаў з Беларусі. Ім важна адчуць, што не ўсё яшчэ страчана, што мастацтва патрэбнае, і што мы яго падтрымліваем. Мы сочым і гатовыя працягнуць сваю руку кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.
Асаблівая мая падзяка ў гэтай справе – Сяржуку Доўгушаву, кіраўніку Дому Творцаў. Я не перастаю захапляцца гэтым чалавекам. Цяпер ён у новым статусе: ён – малады бацька, які па-вар'яцку носіцца са сваёй дачушкай. Гэта заўсёды так міла выглядае… Але ён працягвае моцна клапаціцца і пра нашых рэзідэнтаў, ён дапамагае ўсім, наколькі гэта магчыма.
Мы стараемся ствараць такую кам'юніці, у якой усе творчыя і зацікаўленыя людзі маглі знайсці сваё месца, дзе можна выгаварыцца, знайсці сяброў, скалабавацца па творчасці ці стварыць нешта ўнікальнае для нашай культуры. І Сяржук робіць шмат такой працы. Таму мы ўсе молімся, каб з ім ўсё было ў парадку. Нават існуе такі жарт: “Сяржук, застрахуй сябе! Калі раптам з табой што здарыцца, будзе пакутаваць вельмі шмат людзей”. Таму яму вялізнае прывітанне і агромністы рэспект!
 

 

Глядзець больш
Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя

Што больш за ўсё баліць
Што больш за ўсё баліць

Спявачка LEAR пра жыццё і творчасць

Траўматычныя аскепкі думак
Траўматычныя аскепкі думак

Адкуль бяруць натхненне беларускія музыкі