BY
па-беларуску
Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Арт-кантэкст 2023. Найлепшае. Музыка

Ад эстэцкага арт-року да стадыённага металу. Пяць альбомаў года

Напрыканцы года па традыцыі падводзім яго музычныя вынікі. Вельмі складана выбраць толькі пяцёрку самых яскравых рэлізаў, але мы гэта зрабілі. Тут будзе і чароўны арт-рок, і магутны гомельскі метал, і сапраўдны беларускі супергурт, і пранізлівы паэтычны альбом на вершы Алеся Разанава, і пярэстая поп-музыка ад таленавітай спявачкі. Беларуская музыка на любы густ!

Syndrom samazvanca

«Vostraŭ skarhaŭ» — СЛУХАЦЬ

Гэты альбом выйшаў на самым пачатку 2023 года — нібыта наўмысна такім чынам, каб яго складана было заўважыць закапаным у студзеньскіх справах. Але абмінуць такое было складана, бо Syndrom samazvanca запісалі сапраўдны шэдэўр — эстэцкую складанку з мудрагелістых, няпростых песень, натхнёных найцікавейшымі здабыткамі сусветнай музыкі і запакаваных у беларускі кантэкст.
Падаецца, у гэтым і ёсць галоўная разынка альбома «Vostraŭ skarhaŭ». У музычным плане ён абапіраецца на замежную традыцыю, і сярод рэферэнсаў тут можна ўзгадаць і культавыя краўт-рок гурты кшталту Can, і арт-панк Television, і прагрэсіўны рок King Crimson. Але без бязглуздага пераймання — Syndrom samazvanca ствараюць вельмі аўтэнтычны матэрыял: ён не зміксаваны з гэтых тэгаў, а выходзіць далёка за стылістычныя межы і існуе самастойна. У тэкставым плане «Vostraŭ skarhaŭ», дзякуючы таленту паэта і вакаліста гурта Уладзя Лянкевіча, працуе выключна з беларускім кантэкстам. Ужо традыцыйна ў творчасці Syndrom samazvanca ёсць цытаты з Альгерда Бахарэвіча (адна з песень часткова напісаная яго знакамітай штучнай мовай «бальбутай»), ёсць спасылкі (нават у вокладцы) на творчасць мастачкі-прымітывісткі Алены Кіш. Ды шмат чаго ёсць! 
Такім вось чынам «Vostraŭ skarhaŭ» спалучае беларускі і сусветны кантэкст, працуе адразу ў двух вымярэннях і пры гэтым вытрымлівае вельмі высокую планку якасці матэрыялу. Так, гэта не папулярная музыка, і яна даволі складаная для ўспрымання масавым слухачом. Але ацэньваць яе варта не па колькасці запамінальных прыпеваў і ўдалых хукаў, а па сэнсах і глыбіні прапрацоўкі матэрыялу. Вельмі якасная праца і безумоўны лідар сярод беларускіх альбомаў 2023 года.

Torf

«Романтика не в моде» — СЛУХАЦЬ

Намінальна гурт Torf з’яўляецца пераемнікам іншага гомельскага калектыву — ТТ-34. Але толькі намінальна, бо музычны складнік двух гуртоў выразна адрозніваецца, таму параўнанні будуць не зусім рэлевантныя. Адзінае, традыцыя гомельскага металу настолькі глыбока прарасла каранямі, што пра гэта ў «Романтика не в моде» ёсць адмысловы трэк.
Гэты запіс па-свойму ўнікальны. Гурт працуе з экстрэмальнай музыкай на поп-узроўнях і робіць гэта выдатна. У краіне з развітым шоу-бізнэсам альбом Torf гарантавана апынуўся б у нацыянальных чартах. У ім ёсць усе складнікі паспяховага рэлізу: вельмі якаснае гучанне, запамінальныя мелодыі, выбуховыя прыпевы, лаканічныя і выдатна сфармуляваныя тэксты, цудоўны візуал. З такім матэрыялам складана працаваць ва ўмовах адсутнасці ўцямнай сістэмы каардынат, але радуе сам факт існавання гэтага запісу, створанага, лічы, на валанцёрскіх умовах.
«Романтика не в моде» — цікавы мікс ню-метал-структуры і мадэрновага гучання, агрэсіўнага вакалу і празрыстых лірычных прыпеваў — нібыта раз’юшаны мядзведзь трапіў у філармонію, — яскравых і нашпігаваных спасылкамі тэкстаў. Гэты матэрыял сапраўды працуе на поп-узроўні, але ён не такі просты, як падаецца. У ім цікава калупацца, знаходзіць першакрыніцы і адкрываць для сябе чароўны свет мастацтва.
Як ні парадаксальна, «Романтика не в моде» — на самой справе эстэцкая праца, якая знаходзіцца па-за жанрамі. І ў гэтым плане гурт Torf — абсалютна новая прыступка для яго ўдзельнікаў. Магутная, таленавітая і вельмі яскравая праграма ад гомельскіх музыкантаў.

Polyn

202022 — СЛУХАЦЬ 

У беларускай традыцыі былі прыклады існавання супергуртоў, але іх не так багата. Таму з’яўленне трыа Polyn можна лічыць па-свойму ўнікальнай з’явай. Такі фармат заўсёды цікавы: кожны музыкант з цікавым бэкграўндам і сфармаваным творчым почыркам дае новаму праекту частку сябе, і вынік можа быць вельмі нечаканым. У выпадку з гуртом Polyn гэта працуе, бо Ілля Чарапко з «Петли пристрастия» і «Кассиопеи» — адзін з самых пазнавальных вакалістаў Беларусі, а Сяргей Краўчанка і Аляксей Ванчук з Port Mone — вельмі цікавы і аўтэнтычны тандэм. Цікава яшчэ і тое, што за тэксты ў праекце адказвае менавіта Краўчанка, а не Чарапко.
«202022» — лаканічны, але глыбокі запіс, у якім настолькі шчыльна пераплеценыя шматлікія жанры, што гэта проста перастаеш заўважаць. Гэта змрочная і сумная музыка, якая нагадвае познія працы Radiohead (у адным з кліпаў нават цытуецца кліп брытанцаў на песню «No surprises») — і эмбіент, і розныя гатункі электроннай музыкі, і пост-панк. Усё зміксавана ў вельмі шчыльны і прагматычны кактэйль, дзе ўсё максімальна на сваіх месцах.
Нягледзячы на вельмі сціплы таймінг, запіс вельмі шчыльны, і песні ў ім глыбокія настолькі, што падаюцца бязмежнымі. Гімн п’янай адзіноце «Ледокол», балючая і няўцешная «В тумане», «Старость», якая сваім стаката б’е па свядомасці, нібыта бязлітасная секундная стрэлка. У гэтым запісе вельмі лёгка растварыцца і вельмі складана потым прыбраць яго з галавы. Ён будзе пульсаваць там экзістэнцыяльнымі пытаннямі, на якія амаль ні ў каго няма адказаў.

Зміцер Вайцюшкевіч

«Акно»  — СЛУХАЦЬ 
 

Гэты запіс выйшаў так ціха, што пра яго амаль ніхто і не ведае. Музыкант проста пакінуў на сваёй старонцы ў Facebook спасылку на стрымінг. Моўчкі. Без каментароў. І гэта трэба разумець як частку творчай канцэпцыі: слухайце музыку, яна сама ўсё скажа.
«Акно» — праект, пабудаваны на вершах паэта Алеся Разанава, які пайшоў з жыцця ў 2021 годзе. У творчасці Вайцюшкевіча канцэптуальныя альбомы, пабудаваныя на монапаэтычным падмурку, займаюць важнае месца: ад Рафала Ваячака да Маякоўскага, ад Барадуліна да Някляева. І вось — «Акно», прысвячэнне Разанаву ў фармаце меладэкламацыі.
Вайцюшкевіч фантастычна працуе з паэзіяй. Голасам ён можа перадаць самыя тонкія і ледзь заўважныя нюансы, прымусіць слухача пачуць тое, што немагчыма ўбачыць у літарах. Гэта вялікі талент — вось так пражыць чужыя радкі і потым падарыць іх людзям. Меладэкламацыя — прыём, які ў праграме «Акно» працуе найлепшым чынам.
Зміцер Вайцюшкевіч чытае пранізліва і эмацыйна, пяшчотна і самааддана, а WZ-Orkiestra шыкоўна дапаўняе гэты паэтычны аўдыяспектакль.
Аранжыроўкі ў альбоме багатыя, але не перашкаджаюць выканаўцу. Наадварот, яны вельмі далікатна вядуць гульню з голасам і дапамагаюць стварыць патрэбны настрой, падкрэсліваюць вельмі тонкія нюансы і робяць «Акно» падарожжам у чароўны свет паэзіі Алеся Разанава.

Palina

«Ни берега, ни дна» -— СЛУХАЦЬ

Palina (Паліна Паланейчык) здзейсніла фантастычную трансфармацыю з калябардаўскай традыцыі ў модную і сучасную электронную плынь. Спявачка змянілася вельмі моцна — і ў візуальным, і ў творчым плане. Хіба што тэкставы складнік па-ранейшаму зафіксаваны на неабходным для поп-музыкі ўзроўні падлеткавай белетрыстыкі.
Palina паступова змяніла інструментарый і сам падыход да напісання музыкі. Яна самастойна засвоіла ўсе неабходныя працоўныя інструменты і такім чынам здабыла творчую незалежнасць: самастойна адказвае за працэс на ўсіх узроўнях, і ў гэтым выпадку падыход цудоўна працуе.
«Ни берега, ни дна» — вельмі пярэстая праца, у якой ёсць і акустычная любоўная лірыка, і бадзёрыя, заснаваныя на басавай лініі нумары, і мінімалістычныя электронныя п’есы. Але пры гэтым уся эклектыка запісу вельмі натуральна складваецца ў агульную канцэпцыю, бо Palina вельмі таленавіта працуе як вакалістка і пры дапамозе пазнавальных, але разнастайных інтанацый стварае дакладны вайб.
Ненатуральным у гэтым альбоме выглядае хіба што двухмоўе, якое выкрывае прагматычную мадэль фармавання трэк-ліста. Паліна цудоўна валодае беларускай мовай, але ніяк не наважыцца вярнуцца да цалкам беларускамоўнай праграмы і ідзе на кампраміс з масавай аўдыторыяй — няпросты выбар творцы, закансерваванага ў соусе з кантэкстаў ды стану, калі маеш рызыку згубіць свой сапраўдны смак.
Асобна трэба адзначыць фінальную кампазіцыю з альбома «Чужая жизнь» — яскравы трып-хопавы шэдэўр, якім Паліна закладвае новую сцежку ў сваёй творчасці. Вельмі цікава, куды яна прывядзе спявачку.
 

Глядзець больш
Іронія, боль і ледакол
Іронія, боль і ледакол

Сем новых беларускіх гуртоў, на якія варта звярнуць увагу

Маўчанне як сімвал
Маўчанне як сімвал

Нацыянальныя антыдэпрэсанты і іншыя новыя рэлізы

ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”
ЯН КЛАПОЦКІ. Гурт “Жылін брод”

АНЛАЙН-КАНЦЭРТ │ МІНСК 2023

Сэрца пацана.
Сэрца пацана.

Павел Гарадніцкі – пра ДСП ды РСП, тэатр ды рэлакс

Гісторыя заснаваная на рэяльных падзеях. Усе супадзенні невыпадковыя

Што больш за ўсё баліць
Што больш за ўсё баліць

Спявачка LEAR пра жыццё і творчасць

Траўматычныя аскепкі думак
Траўматычныя аскепкі думак

Адкуль бяруць натхненне беларускія музыкі