BY
па-беларуску
У самакаштоўнасці і ёсць галоўная сіла

У самакаштоўнасці і ёсць галоўная сіла

Вялікая размова з беларускай мастачкай і музыкай Анастасіяй Рыдлеўскай пра дзяцінства, жыццё ў Амерыцы і Беларусі, эміграцыю і творчыя праекты, натхненне і мары.

Я ладзіла выставу ў пакоі, тата прыходзіў, глядзеў, усё хваліў

Кажучы пра дзяцінства, Анастасія прыгадвае вялікі клопат і любоў. Мама і брат заўжды малявалі, а тата падтрымліваў памкненні маленькай дачкі да творчасці.

«Я памятаю, як мне тата на апошнія грошы купіў мальберцік, набор дзіцячы для малявання, дзе ўсё ў адным. Хаця мы тады толькі пераехалі ў Амерыку, было вельмі цяжка. Тата казаў: “Настачка, павесь, што намалявала за тыдзень. Арганізуй, калі ласка, выставу ў пакоі, а я прыйду, буду глядзець на карціны”. Я ладзіла выставу, тата прыходзіў, глядзеў, усё хваліў, на кожную працу казаў: “Як шыкоўна, як прыгожа!” А потым усё купляў, – смяецца Наста. – Тата даваў мне дзесяць долараў. У мяне было пачуццё, што я мегакрутая мастачка».

Анастасія дадае, што ў школе ў Амерыцы таксама ўсё прыстасавана да творчасці. Дзяўчына пражыла ў ЗША з трох да васьмі гадоў.

«Мы жылі ў штаце Агая, я вучылася ў нейкай, як я цяпер ведаю, звычайнай школе. І нават там у першым класе нам расказвалі пра Ван Гога, мы малявалі, ляпілі. Мы рабілі тыя рэчы, якія ў Беларусі лічацца ўжо нейкай спецыяльнай мастацкай адукацыяй. Таксама недзе з пяці год я прыдумляла нейкія кампазіцыі на фартэпіяна. І гэта ж вельмі складана – у такім фінансавым становішчы знайсці інструмент, а мне знайшлі і нават на адмысловыя ўрокі адправілі».

Хочацца больш чалавечнасці ў новай Беларусі

Пазней Анастасія паступіла не ў Акадэмію мастацтваў, а на філфак БДУ, і кажа, што гэта было найлепшым рашэннем.

«Я ўвесь час займалася творчасцю, я рэальна не вельмі разумела наогул свет і якія ёсць універсітэты. Вось Акадэмія мастацтваў, значыць, там вучаць быць мастаком. Калі ў маіх бацькоў здарылася фінансавая бяда, мне сказалі, што мне не змогуць аплаціць вучобу. Мне чамусьці падалося, што я, нягледзячы на сваю падрыхтоўку, не змагу паступіць на бюджэт. Я падумала: а куды з маімі баламі магу паступіць? Ну на філфак. Я ведала толькі, што там вучаць мовы».

Анастасія пазней зразумела, што ў яе канкрэтным досведзе быць мастачкай – гэта значна больш, чым нейкі візуальны стыль.

«Гэта пра тваю глыбіню як чалавека, асобы, пра тваю шырыню поглядаў, інтарэсаў, бо кожная твая праца – не проста выява, а глыбокае філасофскае выказванне. Таму, паступіўшы на філфак, я атрымала крутую гуманітарную базу».

Таксама мастачка кажа, што ёй было б вельмі складана ў акадэміі праз саму сістэму навучання там. Пазней Анастасія атрымала ступень магістра філалагічных навук і выкладала ва ўніверсітэце.

«Як выкладчыкі, дарослыя людзі, могуць казаць студэнтам, што ў іх рукі не з таго месца растуць?! Насамрэч гэта ж жудасныя фразы, нельга так казаць. Няма ніякага “ты ніжэй за мяне, бо ў мяне досвед і я такі заслужаны мастак у Беларусі”. Не, усе проста калегі, усе – і студэнты, і выкладчыкі – спакойна дзеляцца сваімі ведамі».

Мастачка дадае, што самая вялікая праблема – іерархія ва ўстановах адукацыі.

«У нас вось ёсць такое, што выкладчык прыходзіць ва ўніверсітэт і яму ў галаву ўлада б’е. Ён пачынае думаць, што ён усёмагутны, усеўладны, і пачынае грубіць студэнтам, вырашаць іх лёсы, рабіць нейкія неадэкватныя рэчы. І ў такой сістэме ты павінен падпарадкоўвацца некаму, увесь час даказваць, што ты не вярблюд, што ты нечага варты. Нашыя ўніверсітэты і школы – гэта нейкая мясарубка. Хочацца, каб было больш чалавечнасці ў новай Беларусі».

Калі я галодная і халодная, я толькі буду думаць, як выратаваць сваё жыццё

Анастасія вельмі эмацыйна рэагуе на стэрэатып, што «мастакі мусяць быць галодныя і халодныя».

«Мяне так гэта крыўдзіць! Гэта проста глупства. Вось гэты вось вобраз рамантычны з XIX стагоддзя неяк замацаваўся, дзе мастак пакутуе і памірае. Гэта як кажуць пра Таркоўскага: “Ён бы не стаў Таркоўскім, калі б не жыў у дыктатуры, ён бы не стварыў такія фільмы”. Я думаю, ён бы стварыў нашмат больш фільмаў, проста ў яго не было магчымасці. Калі я галодная і халодная, я толькі буду думаць, як выратаваць сваё жыццё, а не як ствараць».

Мастачка мае біпалярны разлад і кажа, што падчас эпізодаў абвостранага стану ёй працуецца значна горш і яна можа зрабіць менш, чым у звычайным стане.

«Нездаровы сум не дапамагае творчасці. Ды і калі ёсць грошы, можна зрабіць нашмат больш. У мяне раней пыталіся, чаму я не хачу перайсці на вялікія палотны. У мяне проста не было грошай на гэта, а не таму, што не было канцэпцыі. Гэтак жа з тэкстыльнымі арт-аб’ектамі і музыкай: з’явіліся грошы – і я пачала рабіць. Дарэчы, у гэтым стэрэатыпе часта прыгадваюць няшчаснага Ван Гога. Я вельмі люблю Ван Гога, і, паверце, калі б ён не пакутаваў, ён бы значна больш стварыў».

...Пакуль ты не адмалюеш свае тысячы работ…

Анастасія апавядае пра свае цяжкія перыяды ў жыцці, падчас якіх яна і зразумела, што для яе значыць быць мастачкай і тварыць.

«У гэтых дэпрэсіўных ямах у мяне адчуванне, што я татальнае нішто. У 2015 годзе, каб выбрацца з гэтай ямы, я зразумела, што вельмі хачу тварыць, ёсць нешта ўва мне ўнутры, але я пакуль не магу яго намацаць, знайсці. Я на той момант думала, што трэба чакаць натхнення. А потым мяне дайшло, што пакуль ты не адмалюеш свае тысячы работ, то тое, што на самой справе ўнутры цябе, ты так і не знойдзеш, не дастанеш».

Мастачка пачала весці дзённік, рабіла там усялякія ілюстрацыі, скетчы. Так Анастасія выпрацавала сапраўдны навык і цяпер нават у дрэнным стане яна можа ствараць.

«Калі табе ёсць што сказаць, калі ты нешта адчуваеш, значыць ты зможаш гэта маляваць, ствараць. Але гэта ўсё роўна не натхненне, гэта рэальны навык. Калі ў мяне пачынаецца застой, калі я не магу ствараць, то пачынаю мяняць дзейнасць, іду натхняцца, пераходжу з аднаго матэрыялу ў іншы».

Важна таксама пашыраць сябе як асобу, лічыць мастачка. Для гэтага Анастасія шмат чытае, глядзіць розныя дакументальныя і мастацкія фільмы.
Раней Анастасія і да музыкі ставілася з пэўнай сакральнасцю, быццам трэба чакаць нейкую музу, каб нешта стварыць.

«А чым гэта адрозніваецца ад стварэння карціны? Мелодыя сама ідзе, яна ж заўсёды ў табе. Проста табе трэба яе дастаць, звязацца з ёй. І мо ты прасядзіш тыдзень – і нічога не вылавіш. Але калі ты не прасядзіш гэты тыдзень, то ты ніколі гэта вось у паток не паставіш. І рэальна, калі я стала больш надаваць часу менавіта на пасядзець, падумаць, памаўчаць з музыкай, паціскаць кнопачкі, нават калі ў мяне нічога ў галаве не было, яно заўсёды з'яўляецца».

Калі ласка, не прыходзьце на адкрыццё

Анастасія кажа, што яна інтравертны чалавек. І ў 2020 годзе, падчас ковіду, мастачка глыбока пагрузілася ў сябе, жыла на лецішчы і старалася ні з кім не камунікаваць праз страх хваробы. Але ў гэты ж час адбылася яе першая персанальная выстава.

«Мне прыйшло паведамленне ў дырэкт ад асістэнткі галерэі “ДК”: “Нам вельмі спадабалася ваша праца, мы б хацелі правесці ў нас вашу персанальную выставу”. Мая рэакцыя была, што гэта нейкі развод, пранк. У мяне ўвогуле не было сувязі з іншымі людзьмі. Я не ведала, што мае работы камусьці настолькі могуць падабацца. Я была ў шоку, баялася ўвогуле казаць камусьці.
Я думала, што рабіць выставу перадумаюць, бо пабачаць мае работы ўжывую і вырашаць, што гэта трызненне нейкае».

Анастасія тады не мела ніякага досведу, як афармляць працы і колькі яны павінны каштаваць.

«Мне сказалі паставіць кошты. Ну я сказала: “Добра, дзесяць рублёў”. Вось настолькі я не разумела, колькі могуць каштаваць карціны. Але потым іх кошт адразу паднялі з дапамогай куратаркі. Таксама я вельмі трывожны чалавек і баялася ковіду. Я напісала ў сторыз: “Калі ласка, не прыходзьце на адкрыццё маёй выставы”. Па выніку ўсе прыйшлі. Я думала: “Божа мой, што ўвогуле адбываецца? Гэта што, рэальна мая выстава?”»

Псіхічны стан ужо не дазваляў жыць у краіне, у якой я б ускрыла сябе

У снежні 2021-га Ананстасія разам з мужам Аляксеем пераехала ў Гданьск. Час перад ад’ездам быў жудасным і прынёс шмат праблем са здароўем, кажа мастачка.

«Я вельмі востра на ўсё рэагую, вельмі тонка. І ў мяне быў татальны шок ад гэтага болю навокал. Я не ведала, як гэта ўвогуле перажыць. Але я неяк жыла, рабіла дзённік беларускі, 200 малюнкаў намалявала. А потым пра мяне напісалі пост у праўладным канале, што гэта дэгенератыўнае мастацтва. Мяне моцна напалохалі каментары, дзе заклікалі мяне пасадзіць за наркотыкі ды іншае».

Анастасія кажа, што ёй давялося звярнуцца па дапамогу да псіхатэрапеўта і прымаць лекі.

«Усё перарасло ў жахлівую паніку, я пачала рэзаць рукі. Мне было вельмі страшна і дрэнна, мозг увогуле не спраўляўся. У нейкі момант я быццам жыла, замураваная ў сцяне. Таксама абвастрыўся сіндром Турэта, падзеі навокал сталі трыгерам. Мой псіхічны стан ужо не дазваляў мне жыць у краіне, у якой я б папросту ўскрыла сябе».

Анастасія з мужам прынялі рашэнне з’ехаць у Польшчу. Гэта было складана, бо ніякіх сродкаў на пераезд пара не мела. Дзякуючы таму, што за тры тыдні да ад’езду Анастасія прадала карціны, яны з мужам змаглі выехаць і зняць жытло.

Я не разумела, чаму ўсе злыя і ніхто не адказвае на маё прывітанне

Анастасія прызнаецца, што сумуе толькі па бацьках, браце і сямейнай зямлі, дзе мастачка жыла кожнае лета.

«Я сумую настолькі моцна, што нават стараюся пра гэта не думаць, бо пачынаю адразу рыдаць альбо сыходжу ў нейкае найстрашнейшае пачуццё. Я два з паловай гады іх не бачыла. У мяне няма суму такога ні па Мінску, ні па Беларусі. Калі я гляджу відэа, якое робяць з метро, напрыклад, я ўвогуле нічога не адчуваю. Бо там я заўсёды адчувала сябе ў гэтай ліпучай плёнцы страху, прыгнечання».

Анастасія кажа, што ў дзяцінстве прымушала сябе думаць, што яна амерыканка, і нават да 14 гадоў вяла дзённікі на англійскай мове.

«Я вельмі сябе супрацьпастаўляла ўсяму, што адбывалася. У Беларусі былі вельмі агрэсіўныя выкладчыкі, а ў Амерыцы я не памятаю, каб на мяне нехта крычаў, у нечым адчытваў. Я прыехала ў Беларусь, мяне адправілі ў нулёўку, дзе была дзірка замест туалета. Я рыдала і прасіла мяне адтуль забраць. Я не разумела, чаму ўсе злыя і ніхто не адказвае на маё “Прывітанне!” на вуліцы».

«Так, я зараз адчуваю сябе свабодна. Але мне вельмі цяжка. У мяне няма працы сталай. Але ў Польшчы ў мяне няма адчування, што сістэма спрабуе мяне раздушыць і разбурыць усё маё жыццё».

Калі пакутуе псіхіка, то трэба ісці да лекара і не баяцца

Першым праектам за мяжой быў «Чаго ты баішся» – выстава ў Кракаве (куратарка – Валерыя Каляга). Работы ў гэтым праекце адлюстроўваюць падзеі, якія адбываюцца, усёабдымны страх.

«Гэта пра першы год, калі эміграцыя здарылася, страта дому, страта мамы з татам, страта маіх такіх вельмі моцных сувязяў з роднымі. І потым пачалася вайна. Вельмі страшна, узарвалі карціну свету. Страта стабільнасці, страта адчування таго, што будучыня ўвогуле можа быць у гэтыя перыяды».

Выстава «Чаго ты баішся» / «What are you afraid of»

Гэты час таксама стаў часам перажывання і ўсведамлення сваёй траўмы, што яна робіць з чалавекам, чым яна пагражае, разуменне страшнай рэальнасці.

Другі музычна-візуальны праект «Сонца сёння дзіўна свеціць» адлюстроўвае, хутчэй, унутраныя працэсы траўмы.

«Для мяне ён быў вельмі важны, бо я той чалавек, для якой натуральна казаць: “Вітаю, у мяне сіндром Турэта”. Я з дзяцінства лекуюся, гэта нармальная мая рэальнасць. А калі ты кажаш некаму: “Слухай, у цябе дэпрэсія, табе трэба нешта з гэтым рабіць”, – чалавек пачынае хавацца, казаць: “Я не псіхічнахворы, я нармальны”. Чаму ўвогуле такая рэакцыя? У цябе была глыбокая рана – ты пайшоў да лекара. Зламаў ножку – пайшоў да лекара. Забалела вушка – пайшоў да лекара. Калі пакутуе псіхіка, то трэба ісці да лекара і не баяцца».

Анастасія кажа, што мы ўсе перажылі і працягваем перажываць вялізарны стрэс, які адбіваецца на псіхіцы. Таму мастачка хацела праз свой праект адкрыта паразмаўляць пра ментальнае здароўе, дэстыгматызаваць гэтую тэму.

«Я вельмі адкрыта расказала пра ўсе гэтыя дэпрэсіўныя эпізоды праз працы, адкрытым тэкстам. Хоць выстава была грандыёзная, праз міфалагічныя метафары, праз архетыпы, праз нейкія глыбокія вобразы я спрабавала перадаць свае думкі, але тое аказалася занадта. Людзі, напэўна, былі не гатовыя сустрэцца з такім ні ў сабе, ні ў іншых».

Падчас выставы ў Анастасіі пачалі нараджацца песні – і з’явіўся першы музычны альбом «When I Canʼt Speak»

«When I Canʼt Speak»

 


У кастрычніку 2023-га ў Гданьску ў Анастасіі адбылася прэзентацыя вялікага візуальнага праекта «Mugwort» («Палын») — куратакра Алена Дялендзік, таксама творца зрабіла музычны альбом.

«Mugwort»

«Польская галерэя сама прапанавала выставіць гэты праект. Ён пра тое, як захаваць сувязь з любым чалавекам, якога ты не можаш бачыць, не можаш абняць, з якім ты не можаш камунікаваць, таму што вас падзяляе тысяча кіламетраў. Гэты праект пра маю маму, пра даследаванне відаў сувязі, якія могуць быць паміж людзьмі. Усе гэтыя тэлефоны, наколькі яны ўбогія, бо чалавечую сувязь, любоў немагчыма спакаваць у словы. Гэтая выстава пра тое, як мы не губляем адна адну. Там падключаюцца і карты Таро, розныя містычныя вобразы, паганскія вераванні, успаміны – усё, што звязвае мяне і маму».

Выстава «Mugwort» / «Палын»

Але гэтая выстава з вельмі горкім прысмакам.

«Палын – горкая расліна. Уся выстава была ў гэтай траве, стаяў моцны дзіўны пах. Балючы вельмі праект быў, але ў ім значна больш любові, чагосьці жыццесцвярджальнага».

Выстава «Mugwort» / «Палын»

Буду дзяліцца ўсім, што змагла напрацаваць

Сёлета ў красавіку Анастасія распачынае курс «Аўтарскі стыль», які падагульняе ўвесь досвед, сабраны мастачкай за апошнія 10 гадоў творчай працы.

«Курс пра тое, як знайсці сваю аўтарскую мову, як знайсці сябе як мастака і зразумець, што табе важна. Удзельнічаць можа абсалютна кожны. Галоўнае, каб было жаданне працаваць, бо мы будзем маляваць, весці дзённікі. Я буду дзяліцца ўсім, што змагла напрацаваць, рознымі метадамі, падыходамі і ўсім на свеце. Курс пра тое, як знайсці свой унутраны голас».

Падрабязнасці пра курс шукайце ТУТ

Галоўнае, мама кажа, што ёй гэта вельмі важна, Лёшу і тату важна

«Мне вельмі хочацца напісаць музыку, якая ў мяне сядзіць у галаве, для гэтага трэба проста вучыцца. Вельмі хачу працаваць з палякамі, я ўжо раблю для гэтага крокі. Мне б вельмі хацелася, каб была магчымасць выбіраць прастору для сваіх праектаў і рабіць іх у поўную моц».

Мастачка кажа, што ў жыцці і працы яе вельмі натхняе муж Лёша.

«Яму статую трэба брыльянтавую ставіць. Калі б не ён, не было б наогул нічога, ніякіх маіх работ, мяне не было б. Колькі разоў ён мяне ратаваў, колькі разоў ён мне дапамагаў, як ён мяне падтрымлівае! Калі я ўпадаю ў дэпрэсіўныя эпізоды (я іх ненавіджу, але, на жаль, гэта хвароба), яны трансфармуюць мой светапогляд, я проста раблюся іншым чалавекам. 
Ён – мая зорачка, я за яго чапляюся. Ад Лёшкі вера ў сябе, падтрымка, вера ў мастацтва, бо ён самы галоўны фанат. І я ведаю, што, калі яму падабаюцца мае працы, значыць, яны добрыя. Мне не трэба ніякага меркавання больш».

Насця смяецца і называе сваімі фанатамі яшчэ маму, тату і котку.

«Я разумею, не важна, колькі ты зарабіў у месяц, хапае табе на твае лекі або на кватэру ці не хапае, – гэта не істотна. Галоўнае, мама кажа, што мае работы ёй вельмі важныя, Лёшу і тату важныя. Котка мая кажа, што ёй вельмі важна. Пастаянна ходзіць лапкамі па маіх палітрах, пэцкае палотны. Я думаю, што гэта знак пашаны. Вялікі дзякуй і маёй псіхатэрапеўтцы. Калі б не тэрапія, мне было б вельмі цяжка спраўляцца з дэпрэсіўнымі эпізодамі».

Таксама Анастасія заўважае, што для мастакоў вельмі важная падтрымка: калі людзі прыходзяць на выставы, пішуць добрыя словы.

«Мне казалі, што быць мастачкай – гэта цяжка. Гэта рэальна такі сабе шлях, вядома. Але вельмі моцна падтрымлівае, калі людзі, твае сябры кажуць, што ты малайчына. Калі нехта прыходзіць на выставы – неймаверна прыемна. Мне падаецца, як бы ты ні маляваў штодзень, сістэма самакаштоўнасці вельмі моцна пакутуе ў арт-свеце, бо гэта такі сабе таксічны маленькі свет. А ў самакаштоўнасці і ёсць галоўная сіла».
 

Глядзець больш
Мысляр перадусім
Мысляр перадусім

Выстава памяці мастака Уладзіміра Лукашыка ў НЦСМ

Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола
Вайна, рэвалюцыя і замкнёнае кола

Выстава Міхаіла Гуліна і Антаніны Слабодчыкавай «Кафэ Беларусь 2: комплекс Касандры»

Дзве душы і раўнавага ў творчасці
Дзве душы і раўнавага ў творчасці

Мастак Андрэй Духоўнікаў – былы дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва – пра музей і супрэматызм

Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць
Ігар Цішын: Узарваць і не сабраць

Татальныя інсталяцыі беларускага мастака

Цяперашняе, якое працягваецца
Цяперашняе, якое працягваецца

Жывапісныя праекты Наталлі Залознай